Транспарт і лагістыка могуць стаць драйверамі эканамічнага росту ў ЕАЭС

Транспартна-лагістычныя праекты ў краінах ЕАЭС прадстаўляюць зацікаўленасць для кітайскага бізнесу. Аб гэтым заявіў намеснік міністра транспарту Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) Дай Дунчан на дзявятай нарадзе кіраўнікоў упаўнаважаных органаў дзяржаў-членаў ЕАЭС у галіне транспарту.

Краіны ЕАЭС ужо прапанавалі кітайскаму боку 38 праектаў для сумеснай рэалізацыі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі агульныя падыходы па спалучэнні Еўразійскага эканамічнага саюза і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху (ЭПШШ), а таксама разгледзелі вынікі работы па фарміраванні агульнага рынку паслуг у сферы транспарту за 2017 год.

Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян адзначыў, што транспарт і лагістыка ўваходзяць у ТОП-5 галін, якія маюць найбольшы інтэграцыйны патэнцыял і здольныя стаць драйверамі эканамічнага росту для краін ЕАЭС. «Тое, што пытанні рэалізацыі транспартна-лагістычнага патэнцыялу Саюза знаходзяцца ў фокусе асабістай увагі кіраўнікоў транспартных ведамстваў, безумоўна, спрыяе прасоўванню наперад, – падкрэсліў Старшыня Калегіі ЕЭК. – Важна, што гэта не проста адзін з напрамкаў супрацоўніцтва нашых краін. У спалучэнні з лічбавай трансфармацыяй эканомік ЕАЭС і агульнай гандлёвай палітыкай лагістыка фарміруе глабальны сцэнарый развіцця нашага інтэграцыйнага аб’яднання».

Тыгран Саркісян звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ўкараненне лічбавых тэхналогій у транспартна-лагістычнай сферы прыводзіць да значнага росту паказчыкаў эфектыўнасці галіны.

«Галоўны прыярытэт на будучыню – рэалізацыя «дарожных карт» па ўсіх відах транспарту для стварэння агульнага рынку паслуг у транспартнай сферы. Увогуле гэта 97 мерапрыемстваў, якія неабходна ажыццявіць у бліжэйшыя тры гады», – паведаміў сустаршыня нарады, член Калегіі (міністр) па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Адамкул Жунусаў. Міністр адзначыў, што ў 2017 годзе падрыхтаваны да падпісання праект Пагаднення аб суднаходстве, палажэнні якога будуць укараняцца ў практыку. Ідзе работа па рэалізацыі Праграмы паэтапнай лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак, пашырэнні авіязносін, лічбавізацыі працэсаў перавозкі і шэрагу іншых праектаў.

Тыгран Саркісян падкрэсліў, што Кітайская Народная Рэспубліка з’яўляецца стратэгічным партнёрам для ЕАЭС па самых розных аспектах. «Спалучэнне Еўразійскага эканамічнага саюза з Эканамічным поясам Шаўковага шляху (ЭПШШ) – адзін з найважнейшых напрамкаў нашай работы, у якім яскрава праяўляецца прынцып Win Win. Супрацоўніцтва з КНР адкрывае велізарныя магчымасці для ўсіх бакоў. Мы ўжо накіравалі кітайскаму боку спіс прыярытэтных праектаў у сферы транспарту, па кожным з якіх ёсць зацікаўленасць не менш як дзвюх краін Саюза, і, як я ўжо адзначыў, гатовыя абмяркоўваць пытанні стандартаў, сувязі лагістыкі з гандлем, лічбавых рашэнняў», –удакладніў Тыгран Саркісян.

Краіны ЕАЭС прапанавалі да разгляду 38 сумесных праектаў у галіне транспарту, якія прэтэндуюць на суфінансаванне Кітая. Яны павінны наладзіць скразную лагістыку паміж Кітаем, Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскім саюзам і па спадарожных маршрутах, якія дапаўняюць асноўныя транспартныя калідоры Еўразіі: Заходняя Еўропа – Заходні Кітай, Поўнач – Поўдзень, Усход – Захад і Паўночны марскі шлях.

«Спалучэнне з ініцыятывай ЭПШШ з’яўляецца вельмі важным з пункту гледжання ўзаемадзеяння з ЕАЭС і Камісіяй. Кітайская ініцыятыва ЭПШШ разлічана на развіццё інфраструктуры. Мы хочам, каб супрацоўніцтва пашыралася і паглыблялася. У любы час мы гатовыя дзяліцца досведам і вырашаць магчымыя праблемы», – у сваю чаргу заявіў намеснік міністра транспарту КНР Дай Дунчан.

На яго думку, спіс сумесных праектаў у транспарце і інфраструктуры будзе спрыяць цэласнаму падыходу ва ўзаемадзеянні і дапаможа абмеркаванню аб’яднання прастораў на сістэмнай аснове. Кіраўнік кітайскай дэлегацыі адзначыў зацікаўленасць у такіх праектах, як будаўніцтва глыбакаводнага порта ў Архангельску і чыгуначнай лініі Белае мора – Комі – Урал («Белкамур»).

Мяркуецца, што праект «Белкамур» павінен забяспечыць дастаўку кантэйнерных грузаў з Кітая ў Еўропу, а таксама да прамыслова развітых рэгіёнаў Урала, Сібіры, Казахстана, Манголіі. Праект фарміруе новы чыгуначны маршрут перавозак кантэйнерных грузаў, у значнай ступені ён звязаны з фарміраваннем новага міжнароднага транспартнага калідора Кітай – Еўропа, частка маршруту якога пройдзе па Транссібірскай чыгуначнай магістралі (Транcсібе). Сумесная рэалізацыя праектаў па будаўніцтве чыгуначнай магістралі «Белкамур» і Архангельскага порта адкрывае новы шлях дастаўкі кантэйнерных грузаў з Заходняга Кітая ў Еўропу і на ўсходняе ўзбярэжжа ЗША.

Прадстаўнік Мінтранса Кітая таксама праявіў высокую зацікаўленасць да праектаў з дзяржаўным удзелам. Зрэшты, як паведаміў Дай Дунчан, «мы маем намер старанна разгледзець усе праекты і перадаць адпаведным структурам для больш дэталёвага вывучэння». Кіраўнік кітайскай дэлегацыі заявіў аб жаданні «падтрымаць ажыццяўленне праектаў у ЕАЭС».

«Я шчыра лічу, што спалучэнне з ЭПШШ у бліжэйшы час дасць мультыплікатыўны эфект і паслужыць прыкладам развіцця ўзаемаадносін», – адзначыў міністр транспарту Расійскай Федэрацыі Максім Сакалоў. Ён назваў удзел кітайскай дэлегацыі ў сустрэчы міністраў транспарту краін ЕАЭС «сімвалічным». Адным з прыярытэтных праектаў у сувязі з гэтым ён назваў праект будаўніцтва высакахуткаснай магістралі (ВХМ) «Еўразія». Кіраўнік расійскага Мінтранса выказаў надзею, што дыялог па гэтым праекце будзе канструктыўным.

У нарадзе таксама ўдзельнічалі міністр транспарту, сувязі і інфармацыйных тэхналогій Рэспублікі Арменія Ваган Марцірасян, міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, віцэ-міністр па інвестыцыях і развіцці Рэспублікі Казахстан Раман Скляр, міністр транспарту і дарог Кыргызскай Рэспублікі Жамшытбек Калілаў.

Крыніца: www.eurasiancommission.org